Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Па паверхні прабеглых часоў

Перакрэсленых мараў аскепкі
У люстрэччы цьменяюць душы.
Пакіданыя ў памяць налепкі
На пралесках гібеюць, як сны,

Што абодвум заўжды не ставала
На дасвецці прабеглых часоў –
Там, дзе поўня бурштынамі ззяла
Як карона адвечных багоў.

Там, дзе пожні ссамочаным духам
Абдымалі абшары зямлі,
А па восені чырванню скрухі
Дагаралі лясы і палі.

Перастрэчаных дзён незбавенне
Кастэлянкай пільнуе наш схоў.
Адплывае ў Нівечу ў мадзенні
Адкіпелая жарсцямі кроў.

Раскудлачаны ветрам праменьчык
Адзінокаю жоўтасцю збег…
На маснічках спамінаў каменьчык –
Як пакінуты ў Наўе твой след.

Застаронак апаленых шчасцяў…
Падарожжа з сябрынай начніц…
Пасля стрэчы з Марэнай не ўпасці
Дапамог той каменьчык між жрыц,

Што ў абрадзе крывавым ўжо неслі
Да капішча жахівага боль…
Пад ваўчына-страхотныя песні
На пісягі ссыпаючы соль…

А каменьчык рапотоўна як промень
Святавідавым сонцам заззяў –
Зніклі богі крыві і ахвяраў. Быў човен,
На якім Белабог веславаў…

Раздарожжы, туманы, узлогі…
Шэравокасць заснулых азёр…
Човен плыў па паветры, дзе богі
Ў паміжхмарны ўваходзілі бор…

А на золку, як мары ў люстэрку,
Мне адбілася вотрынай сноў –
Чоўнік ў белым, вяслуючы ветрам
Па паверхні прабеглых часоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Па паверхні прабеглых часоў - Павел Гаспадыніч