Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Страчаныя ідэалы

Мы прыехалі ў горад і сталі
Іншымі быццам людзьмі.
І народзім такіх, як самі,-
Без роду, без веры –
Чужымі дзяцьмі.

А мы гліна. Мы попел. Мы смецце.
Мы гной. Мы паўмёртвы прах –
Без яблыневых суквеццяў.
Без чапляў на паплавах.

Без хатаў сваіх сасновых.
Без бочак дубовых.
Льнянога радна.
Без могілак тых палыновых,
Дзе спачывае радня…

Еш дранікі ў цёплай хаце
І не ведай ніякай бяды.
Толькі помні, суродзіч-браце,
Адкуль ты. Ідзеш куды.

Што не вырадак ты. Не злодзей.
Не прадажны сабачы сын,
Калі ў сэрцы тваім узыходзяць
Не расянкі. А ў росах язмін.

Калі сэрца тваё – як неба.
І душа – васільковая рунь.
Значыць, будзе хлеб. І да хлеба
Сакральнасць нябесных рун.

Дзе б ні жыў ты: у горадзе, вёсцы-
Тут наша доля. Айчына. І рай.
Пакланіся, як маці, бярозцы.
І пра попел не забывай.

2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Страчаныя ідэалы - Ніна Аксёнчык