Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Шэкспіраўскае

Ці знаеце, як паміраюць ад кахання?
Калі вас Бог памілаваў і вы
Не захлыналіся агнём самазгарання, –
Лічыце, што шчаслівы і жывы.

А я хварэю полымнасцю сэрца.
І прымірыцца не магу з сабой:
Табой усё навокал мне здаецца.
Асветленае зоркавым – Табой.

Ты – мой эфір, нябесны, неабсяжны.
Раствораны ў песнях і слязах.
Цябе ў дыханні чую незаўважным.
Цябе цалую ў росах і снягах.

І захлынаюся Табой уволю.
Ты – мой, адзін, чароўны, зорны свет –
Крадзеш душу, маю няволіш волю.
І мне даеш адхланне, як санет.

Не дай нам Бог
Памерці ад кахання…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Шэкспіраўскае - Ніна Аксёнчык