Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Сюды цябе ўпусцілі

Сюды цябе ўпусцілі
па знаёмству,
сюды цябе ўпусцілі
па любві.
Твой абавязак –
перадаць патомству
агонь жыцця,
які ў тваёй крыві.
Якія ўсходы на зямлі ўзгадуе
гісторыя –
дуэль дабра і зла?
Усё на свеце,
што любоў будуе,
нянавісць прагне спапяліць датла.
Таму –
ахвочы ты ці не ахвочы –
з табой
сам-насам цэлы белы свет
глядзіць з мальбой аб паратунку ў вочы,
пытае свет,
які пакінеш след…
Зямлю
да ўскраю бездані
заносяць вятры,
якія дыхаюць здаля.
Тваёй надзейнай абароны просіць,
як немаўля нямоглае,
зямля.
У доме,
што табой абжыты змалку,
павінен ты па праву жыхара
спыніць руку,
што ў цемрадзі запалку
падносіць да бікфордава шнура…
Сюды прыйшоў ты,
каб дамы раслі,
каб чаргавацца каласам і пожням…
Дык не зрабіся гледачом апошнім
апошняга пажару на зямлі!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сюды цябе ўпусцілі - Пятрусь Макаль