Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш …Якое неба выблісне з аблок

***
Якое неба выблісне з аблок!..
Нібы кране істоту раптам неруш,
Нібы з душы здымае боль і немач
Яго бясконцай вечнасці куток.
Гляджу на неба ў сцішанай мальбе
Пра лёс дзяцей і роднае краіны,
Пра дараванне за мае правіны,
Якія помню ў стоенай журбе.
Няўжо мне гэта мроілася ў сне :
І шчасце слёз, і боль, і крык мой немы,
І ратаванне, чыстае, як неба,
І светлае, як першы ў полі снег?..


Верш …Якое неба выблісне з аблок - Навум Гальпяровіч