Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзяды

Увайсці і пакланіцца… Ціха рыпае масніца –
У бязважкасці.
Адкрычала сэрцу сэрца. Бо няма канца, здаецца
З гэткай якасцю.
Што за гукі? Што за твары? Плакаць мне ад гэткай гары?
Ходзіць матухна.
Рукі пахнуць чымсьці рэзкім, памяць збілася на трэскі…
– Дзе ты, дзетухна?
Пляснуць дзверы за парогам, разам з д’яблам, разам з богам
Ходзіць бацюхна.
Рукі пахнуць даўнім стогнам, і акопамі, палонам…
– Дзе ты, дзетухна?
Конь заржэ на канавязі. Са смугі, ці то з баязі,
Ходзіць дзедухна.
Рукі пахнуць, як насланне, разарваны па пашане…
– Дзе ты, дзетухна?
Далеч смугай паланіцца. Зноўку рыпае масніца.
Ходзіць бабухна.
Рукі пахнуць горкім пеплам, і чаканнем, чорным пеклам…
– Дзе ты, дзетухна?
Пахне порахам і сенам, і расколатым паленам,
Дымам космасу…
Ці то вочы? Ці то зенкі? І стаяць яны ў сценкі,
Усё без голасу…
Я гляджу ў худыя твары, вось мой бацька, вельмі стары,
Тае з бабцяю.
Што аповесць? Вось, пакуты? Ці то морак? Ці то смутак?
– Дзе ты, дзетухна?


Верш Дзяды - Міхал Анішчанка-Шэлехмецкі