Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лістападаўскія Дзяды

Мяне біў кадэбіст савецкі,
Як і мужа, бліскучым ботам.
Кінуўшы ў лужу злавесна
Пад жалезныя, з зоркай, вароты.

Тут са свечкай жывой, святой
Мы мужна ў пікеце сталі,
Каб сцерці бяспамяцтва лой
З часу, што называўся Сталін.

Бо крычалі радкі газет:
“Не было ў Мазыры рэпрэсій”.
Хоць, напэўна, звіхнуўся б свет
Ад хлусні бальшавіцкіх агрэсій.

Бо чаму і пасёння ў вушах
Крыкамі звышагнявымі
Нечалавечы мне чуецца жах
Тых, каго ўмуравалі жывымі

У сутарэннях барочнай царквы.
Божа, як жа Ты вынес гэта?
Побач са мною дзядок сівы
Свечку укрыў газетай.

Ды завіхаецца малады –
Укормлены, ў скуры-поўсці.
Гэтак, як бацька яго тады –
З рукамі ў крыві па локці.

Б’е Рагнедачку ў жываце
З пагрозаю нас застрэліць.
Топча свечкі святыя ўсе –
Нібы душы ахвяр – у нядзелю.

Лістападаўскія дзяды
На паняволенай Беларусі….
Нават мёртвыя страшныя вы.
Плача свечкі агонь у скрусе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Лістападаўскія Дзяды - Ніна Аксёнчык