Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вы слухалі музыку ночы

Вы слухалі музыку ночы –
Высокую музыку свету,
Калі нарастае аднойчы
Туга, калыхнуўшы планету?

Калі патанае ў міжзор’і
Зямля і часціна сусвету
Пяе на вятрыстым надвор’і,
Вы слухалі музыку гэту?

Ёй дадзены свету харалы,
Высокага неба дзянніцы
Яе, агнявую, стваралі
Бясконцасцю ўсёй таямніцы.

I ў гэтым таемным аргане
Багата душою пачута.
I ў гэтым парыўным дыханні
Збалелага свету пакута.

Адкуль мы? Чые мы? I хто мы?
Скажы мне, зямля, па сакрэту.
Мне слухаць, не чуючы стомы,
Агністую музыку свету.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (8 votes, average: 3,25 out of 5)

Верш Вы слухалі музыку ночы - Мікола Мятліцкі