Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ***Хай сняцца сны. А добрыя збываюцца

***
Хай сняцца сны. А добрыя збываюцца,
Пакуль жыццё – суцэльны палігон,
Дзе дабрыня, бывае, забываецца,
Благое – мчыць за намі наўздагон.

І ўгэтым коле, гэтай кругабежнасці
Суседзямі – сябры і несябры,
Суседзямі – нягрэшнікі і грэшнікі,
І нават – песняры і хлусняры.

І кожнаму нябёсамі адмерана
Жыццёвая няпростая вярста
Ад Берага З’яўлення і да Берага,
Адкуль глядзіць нямая пустата.

І ў гэтай кругаверці разняволенай
Валеты так і пруцца ў каралі,
А каралі звяргаюцца ці войнамі,
Ці здрадай – здрайцаў многа на Зямлі.

Адно паэты, быццам бы заклятыя,
Загадку свету мкнуцца разгадаць
І ў гэтым прад усімі вінаватыя –
Іх зорны час закончыўся, відаць.

І толькі ў снах бывае, што збываюцца
Іх мары, як нябесны плытагон
Вяшчуе: “Дабрыня не забываецца…”
Хаця жыццё – суцэльны палігон…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ***Хай сняцца сны. А добрыя збываюцца - Мікола Шабовіч