Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Мы жывём на бацькоўскай зямлі

Мы жывем на бацькоўскай зямлі
І не клянчым ні ў кога хлеба.
Хто, адкуль вы б да нас не прыйшлі –
Нам прадажных князёў не трэба.

Як нам жыць і каго нам любіць,
На якой размаўляць нам мове –
Хай у вас анішто не свярбіць,
І не тужцеся вы, панове!

А то лопне штоколек няйнакш…
Ды ці сорам таму, хто ў блудзе?
Край быў, ёсць і застанецца наш,
А губярняй чужой не будзе.

З пракаветных гукаюць вякоў
Галасы непахісных продкаў
Нас, каб мы не срамілі дзядоў,
Агаліўшы зады без порткаў.

Нас нікому не ўдасца скарыць.
Хоць у заўтра і свет няблізкі,
Нашай спадчыны зорка гарыць –
Не ў гарэме ўсё ж адаліскі!

Досыць спаць, па кутках нам сапці
І бязбожна пладзіць тулягаў,
Каб заўчасна на свет той сысці,
Затлуміўшы галовы брагай!

На сваёй гаспадарым зямлі,
Хоць імкнуцца нам лёс сурочыць.
Мы ніколі быдлём не былі.
Дык пратрыце вы зрэшты вочы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мы жывём на бацькоўскай зямлі - Мікола Ляшчун