Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам

Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам,
з надзеяй выйшаўшы з варот,
чатыры цяжкія задачы
яна рашае кожны год.

Вясна ідзе – у нашай цёткі
турбота першая нудзіць:
ну як жа, як жа гэта соткі
ў далёкім полі пасадзіць?

А пройдзе месяц-два – і зноўку
даймае клопат без канца:
як быць – ці ўдасца на кароўку
прыдбаць і сёлета сянца?

А восень выгляне з бярозы,
трывога сядзе на шчаку:
як выбраць бульбу да марозу,
дзе ўзяць на гэта талаку?

Яшчэ пытанне не пустое
плыве па восеньскай смузе:
а хто мне з лесу сухастоін
вазоў хоць пару прывязе?

Тут ёсць удачы і няўдачы –
усяк бывае на душы.
Чатыры цяжкія задачы,
хоць і няма ўжо сіл – рашы!

Ды ёсць цярпенне і карпенне,
жыццё – з будзільнікам зары.
I ходзяць старасць з утрапеннем,
нібы ў абдымку, па двары.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам - Мар'ян Дукса