Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Брыгадзір (Пасьляваенная сцэнка)

А бабы маладыя:
Па трыццаць – трыццаць пяць.
А сьпяць, нібы сьвятыя,
І ложкі не рыпяць.

У плоці і пры целе –
А ноч, як небыцьцё:
Удовыя пасьцелі,
Бязмужняе жыцьцё.

А днём, як прыйдзе ў поле
Калгасны брыгадзір,
Глядзяць – бы вочы коле
Адзін на ўсіх кумір.

Няхай сабе бязногі, –
Нібы дакор яму:
Чаму ж адной во богам
Аддадзен ён – чаму?..

Аддадзен, як украдзен
У іх ва ўсіх, лічы…
І ў кожнай у паглядзе
Для бунту сто прычын.

То тое ёй ня гэтак,
То гэта ёй ня так…
“Ах, бедныя кабеты,
Ах бабы, самы смак –

І ён ня судзіць строга,
Хоць норавам і крут, –
Прабачыцца: – Вас многа,
А я… адзін… вось тут…

Хоць разумею слаба,
Хоць дзела не маё, –
Пасеяць бы вам, бабы,
З гектар які… мужчын…”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Брыгадзір (Пасьляваенная сцэнка) - Васіль Зуёнак