Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зжылася зь зямлёю, у дрэвы ўрасла

Зжылася зь зямлёю, у дрэвы ўрасла,
Пераплялася з травою і кветкамі
Родная мова старога сяла,
Ад іншых сваёй цеплынёю адметная.

Цягнулася доўга за ніткай льняной
Прымаўкай мудрай, і казкай, і песьняю,
Схавалася ў сёлы, жыла пад страхой,
Выходзіла ў поле да сонейка весьняга.

Зярністая, шчодрая, бы каласок,
Мудрасьці ціхай прыпынак глыбінны,
Сіні, бясхмарны нябёсаў кусок
Пад белым і чыстым крылом галубіным.

Хрышчоная ў полі вясьняным дажджом,
Пахучая белым рамонкам і мятай,
Задорны уздым за сьвяточным сталом
I ладная, сьціплая гутарка хатняя.

Разгойдала мары, збудзіла любоў,
Цябе ў маім сэрцы ніхто не заглушыць,
Таму, што чароўныя прыгаршні слоў
Маці любоўна мне ўсыпала ў душу.

Са мной размаўлялі палі і бары,
Адносілі хвалі па Нёмане думы,
I баяў мне нешта магільнік стары,
Сялянская доля заводзіла сумна.

Калі цябе мудрасьць кране і любоў,
Засьвецішся ласкай, вясёлкаю фарбаў,
З-пад напластаваньня мінулых вякоў
Адкрыеш нашчадкам схаваныя скарбы.

Ты нам Скарынаю выйдзеш у сьвет,
У Статут правы зьніжаш надзіва,
То заглушаць, затопчуць твой сьлед,
Мова сёлаў і мова архіваў.

Мова, падобная да салаўя,
Прасякнута любасьцю жніўнай і роснай,
Мова дзядоў маіх, мова мая,
Гімн нашай долі пакутны і ўзьнёслы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зжылася зь зямлёю, у дрэвы ўрасла - Ларыса Геніюш