Верш РАЗВАГI ПЕРАД ПОМНIКАМ МАКСIМА БАГДАНОВIЧА НА СОТЫЯ ЎГОДКI
Горька судьба поэтов всех племён;
Тяжеле всех судьба казнит Россию.
В. К. Кюхельбекер
Паэтаў нішчыць лёс ва ўсіх плямён;
Цяжэй за іншых лёс ірве Расію,
Што багну, над якой расце паслён,
I рэй вядуць рабунак ды насілле.
Расійскіх вершатворцаў чарадой
Паіла літасць з неабдымнай чашы,
Заліўшы ў рот свінцовы сырадой,
Зачэрпаны з гулагаўскай парашы.
Ля возера з таемнай назвай Чад
Паў канкістадар на зямлі сібірскай,
Калі па-над краінай дымны чад
Плыў з асірыйскай люлькі правадырскай.
Цягнулася куродымная ніць
Да ненаедных кроснаў Магадана
Праз бездань, дзе Елабуга вісіць
На прэлым матузку ад чамадана.
Перасыпаў праклёнам чарнаклён
Бальшак, з якога “Чорныя Марусі”
Зграбалі ўсіх паэтаў у палон.
Дык што тады сказаць аб Беларусі?..
Праменнем сонца, нібы апельсін,
Лье даўкі сок на фурку п’едэстала.
Мо ты дасі адказ, спадар Максім?
Табе бязмоўе спрэс не пасавала.
Аднак… Маўчы! Не трэба гаварыць.
Дваццаты век ішоў такім напрамкам,
Каб балявала смеццевая грыдзь
У порубах Пішчалаўскага замка.
Таму для нас, вядома, не сакрэт,
Што Месяц твой бы знішчыўся на ветах
Між іншых розных зорак і планет
Уночы парасстрэльваных паэтаў.
Альбо твая б ляцела галава,
Як пеначка, падсечаная пстрычкай,
У горадзе гасцінічным “Масква”
Наўсцяж паверхаў незгасальнай знічкай.
Аб чым, васпане, можна гаманіць,
Калі, прыкутай да бярозы ніцай,
Гвалтуе волю люлькавая ніць,
Што дзеўчыну з садранаю спадніцай!
О, сонца паўшых! Як і век таму,
Яно сцякае беларускім словам
Радком з краёчка вуснаў на тасьму
Арнаменту атрамантам пунсовым.
На схіл гары ўспаўзае вузкі брук
Да могілак. Як лірнік невідушчы,
Кляшторным Пяюном пяе Жаўрук
Над Верасом у Паўлюкоўскай Пушчы.
I ты ляжыш асобна ад ад калег,
Каб не пабачыць позірк васіліска.
Праз сто гадоў, у дваццаць першы век,
Над Ялтай цягне люлькай асірыйскай.