Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паром роспачы (Памяці Уладзіміра Караткевіча)

Час разлівае нам у чаркі,
Як тамада, на небе Бог
І вызначае той парог…
А вось чаму яму не змог
Наліць паўнюткую без сваркі?
Не разумею, далібог!

Адкажа, можа, мне Палессе –
Той рум, дзе вяжуцца ў вякі
Гадоў жывічныя радкі, –
За што Паэту лёс такі,
Нашто забраў яго, Вялесе,
Заўчасна з любае ракі?..

Ізноў вязе паром праз Прыпяць
Журботных думак карагод –
Бязлітасная кара год…
Паэт казаў: з такіх нагод
Абавязкова трэба выпіць
Хаця б… за белы параход!..
І ў памяці вятрыскі дыбяць
Віхрасты вожык валасоў…
Ах, як любіў ён гэты схоў –
Разлівы волі між лясоў,
Прытулак і прыпынак – Прыпяць.
Ён назаўжды цябе знайшоў.

Сюды не трэба мне білета,
Як верны вернік у прыход,
Іду да прыпяцкіх прыгод.
Мо нешта скажа мне чарот?
І для мяне, хоць раз у лета,
Прыпыніць Прыпяць часу ход.

Цвыркун у цемры будзе рыпаць
Ціхутка ў скрыпачку сваю.
А я маўкліва пастаю…
І, дзякуючы салаўю,
Тваім крынічным спевам, Прыпяць,
Хоць трошкі боль свой загаю.

Бо ўсё пячэ агонь сумнення:
Мо захавалі б ад бяды,
Каб не паехаў ён сюды?..
Няма адказу… Праз гады
Цячэ маўкліва, без натхнення
Таемнасць цёмнае вады.

Струменься, боскае стварэнне.
Рыпі, старэча мой, паром,
Ты сябраваў з такім пяром!
Пілі б дасюль натхнення ром,
Калі б не караблекрушэнне
Ля прыпяцкіх дрымотных стром…

Ды месяц успамін узлыбіць
Маладзікова, як дзіця,
Нібыта знак яго быцця…
Жыццё сышло ў нябыт… Хаця…
Пакуль сцякае ў Лету Прыпяць –
Няма Паэту забыцця!

Ён нам пакінуў на Палессі
Лілейнае святло заток,
І сціплы ў жыце васілёк,
І верша згублены лісток
Бусліных крыл у паднябессі;
Крыніцы – творчасці выток.

Не ўсё даверыў ён паперы.
Шматкроп’ямі яго радка:
Аблокаў белых талака
І цуд Лявона Буяка –
Алтарныя разныя дзверы
Царквы Давыда-Гарадка.

Яго вяла да Храма Прыпяць,
І ён упарта, як бурлак,
Цягнуў з сабою нас няўзнак.
Ён паказаць хацеў нам, як
Затокі срэбрам хвалі ўзрыбяць…
Радзімы ўсмешлівы бурсак!

Пайшоў… І аўдавела рэчка.
Стрыножаны на нейкі час,
Разгублена стаіць Пягас –
Задоўга цягнецца папас.
Самоціцца яго вуздэчка,
Недасягальная для нас…

Куды ж, Айчына, ты без сына
Сярод няўмольнасці жыцця,
Няўжо ў сутонне небыцця?..
Паміж аера і трысця
Плыве без ветразя краіна,
Радзіма – роспачы ладдзя!

2001

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паром роспачы (Памяці Уладзіміра Караткевіча) - Георгій Ліхтаровіч