Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове

Верш Далёкі гром

Маланка вогненным багром
Цяжкія крыгі хмар разводзіць,
Па небасхіле ўладна ходзіць
Далёкі гром.

Цярэбіць пушчу напралом,
То глуха стогне, то вуркоча…
Не дасць заснуць сягоння ноччу
Далёкі гром.

Грыміць над Прыпяццю, Дняпром,
Як водгук колішняга бою.
Душу сціскае ціхім болем
Далёкі гром.

Грукоча тут у кожны дом
Адвечным рэхам неспакою
Ледзь чутны дзесьці за ракою
Далёкі гром.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Далёкі гром - Генадзь Кляўко