Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш MH17

Мы ляжым на раздзёртай металам зямлі.
Хмары таюць паволі.
Нас няма. Тры хвіліны таму – мы жылі.
Нас не будзе ніколі.

І сланечнікаў чорныя вочы датла
Дагараюць абапал
Бальшаку, што сячэ краявід напалам,
Як вайсковую мапу.

І на шыі слупоў цісне сіні каўнер
Бесспагаднага неба –
Бы расейскі салдат альбо польскі жаўнер
Нас пільнуе як трэба.

Ды на струнах дратоў вецер грае няўспын
Анямелыя ноты.
Нас няма. Застаюцца клады лугавін.
Застаецца спякота.


Верш MH17 - Фэлікс Аксёнцаў