Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Як вясёлку ткалі

Калі
Па веснавой зямлі
Прайшоўся дожджык босы,
Вясёлку ткаць
Распачалі
Вясёлыя нябёсы.

– Чакайце! –
Гром не мог маўчаць –
Аж задрыжала неба. –
З якога колеру
Пачаць
Нам ткаць
Вясёлку трэба?
Чырвоны колер –
Ад зары,
З яго мы і пачнем,
Сябры!

– Аранжавы
За ім ідзе, –
Аблокі нагадалі, –
З гарачым колерам
Нідзе
Не замярзалі далі.
– Аранжавы, аранжавы, –
Скрыпеў вятрак
Абражана.

– Жадаю спеласці такой,
Як жытні поўны колас, –
Сказала сонца.
За ракой
Падтакнуў нейчы голас.
Жаўна,
Падтакнула яна:
– Жаўцее гожа збажына!

Заладзілі сваё
Вятры,
Бягуць,
Як коні з пуні:
– Найлепшы,
Як там ні хітры,
Зялёны колер
Руні.
Зямля зялёная вясной,
Як вецер
Стараны лясной.

– Без вобліку майго
Зусім
Я неба не ўяўляю, –
Блакіт сказаў, –
Любіць усім
Блакітны вам параю.
Бо рэчка пад ракітамі
Блакітная-блакітная.

Сінічка,
Лёгка летучы,
Прысела на галіне,
Спытала:
– Бачылі ўначы
Туман пяшчотна-сіні?
Вядома, ўсё без сіняга,
Як бераг той
Без сітняга!

– Фіць-фіць, –
Спяшае ластаўка,
Што пад страхою
Летуе, –
Калі ўжо ткаць
Палас такі,
Дык колер фіялетавы
Патрэбен тут выключна,
Ён з сінім неразлучны.
І цецярук
Хвале дае
Той колер фіялетавы.

І выткалі вясёлку,
Вясёлку-весялуху,
І, ззяючы пасёлку,
Яна ўзышда з-за лугу.

Сем колераў
Гарыць у ёй,
Пералічы
І ўсе засвой!

Чырвоны,
Аранжавы,
Жоўты,
Зялёны,
Блакітны,
Сіні,
Фіялетавы.
Іх помняць
Лясы і адхоны,
Вяслыя колеры гэтыя!

Сем колераў,
Як сем прыгод.
Вясёлка
Тчэцца з іх
Штогод!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Як вясёлку ткалі - Рыгор Барадулін