Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Людзі, якія смяюцца

За маім акном сьвеціць сонца; за маім акном
прабівае глебу трава, і дрэвы шумяць ледзь чутна;
за маім акном зьзяюць глянцам білборды
з адлюстраваньнем вясёлых людзей, якія сьмяюцца
і запрапаноўваюць людзям,
другім – невясёлым – людзям,
дарагія круізы,
вячэры ў рэстаране,
аўтамабіль,
мабільнік,
марозіва,
печыва,
аліва,
крэм для мяккай дзіцячай скуры,
пыласос,
мікрахвалёвую печ,
электрадрыль,
шакаляд,
падарожжа ў Турцыю,
керамічную плітку,
вокны і дзьверы,
шампунь супраць перхаці
і для валосся слабога і кволага,
падарожжа ў Італію,
аўтамабіль,
мабільнік,
марозіва,
печыва,
аліва,
і акрамя таго –
пятнаццаціпрацэнтныя зьніжкі,
дваццаціпяціпрацэнтныя зьніжкі,
пяцідзесяціпрацэнтныя зьніжкі,
сямідзесяціпяціпрацэнтныя зьніжкі,
хер-іх-ведае-якія-яшчэ-тамака-працэнтныя зьніжкі
на тавары ў прыгожых крамах, куды людзі,
тыя самыя невясёлыя людзі,
што езьдзяць у машынах, спяшаюцца на працу,
ідуць за півам, спакойна дрэмлюць
на лавах каля пад’езда, ванітуюць з пахмельля,
ляцяць у трамваі, месцяцца ў мэтро і
аштрафаваныя ў аўтобусе,
– адным словам, куды людзі,
невясёлыя людзі, што думаюць аб сьмерці,
ніколі не заходзяць,
каб не збянтэжыць прадавачак, не здацца ім
не дастаткова добра апранутымі
для такога візіту; не заходзяць
з асцярогі адлюстравацца ў незлічоных люстэрках
гэтых прыгожых крамаў
і здрыгануцца, як уздрыгваю я, уяўляючы,
ЯК ДЗЕСЬЦІ Ў РАДЗІЛЬНАЙ ПАЛАЦЕ НА ЛОЖКУ
ЯКАЯ-НЕБУДЗЬ ЖАНЧЫНА ЛАСКАВА
ПРЫГАРНУЛА ДА САБЕ НАРАДЖЭНЦА.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Людзі, якія смяюцца - Цімур Хоміч