Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Якія зараз дзеці вырастаюць!

Якія зараз дзеці вырастаюць!
Народжаныя ў шчасці, дабрыні,
яны растуць як на дражджах, зірні,
падлеткамі аблокаў дасягаюць,

Ідзе пры маме гэтакі атлет –
спартыўная пастава і адзенне…
Насустрач – дзеўчаня на заглядзенне,
і ножкі – хоць сягоння у балет!

О ножкі, ножкі, дзе яны, балеты
для тых, што плюшчыў бежанскі хатуль!
Сама адтуль,
дзе плакалі ад куль
і елі лебядовыя “катлеты”…

Шкадую ўсіх, хто з год маіх нішчымных,
і шчасная за ўсіх, хто ўстаў пасля.
Сваімі дзецьмі цешыцца зямля
і славіць дабрабыт у росных гімнах…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Якія зараз дзеці вырастаюць! - Еўдакія Лось