Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзеці пустыні

ДЗЕЦІ ПУСТЫНІ

У свеце блукаем адно,
акаянныя дзеці пустыні,
І – непрыкутыя –
ходзім наўпрост і наўсцяж.
І дзе ні ступіць нага –
там чарнобылі стануць, хатыні,
І куды вока ні гляне –
паўстане падманны міраж.

Што мы за людзі?
Якога мы роду-заводу?
Скуль мы прыйшлі
і куды нас пракляцце
вядзе?..
Шмат, паглядзеўшы,
навокал натоўпу-народу,
Толькі затым
чалавека не бачна
нідзе.

Божа святы! Вы –
святыя апостальскай веры!
Ці ж вы не бачыце,
ці анямелі вы ўсе?!
Скуль напладзілася
здрайцаў-іудаў
без меры,
Што зніштажаюць,
паганяць
усё
пакрысе?

Веру –
ў бязвер’е
нікчэмнае
ператвараюць.
Праўду –
з хлуснёю
імкнуцца
дашчэнту
змяшаць, –
Бо над усімі –
уладу бязмежную маюць,
Бо ім на кожнага –
кожнага з нас –
напляваць.

Хто мы для іх? –
Анямелыя дзеці пустыні,
Што адцураліся
веры і праўды
святой…
І калі нават усе мы
заўчасна
загінем –
Хтосьці адродзіцца
з іх
у малельлі пустой.

Будзе ізноў
заклікаць
да Вышэйшае Рады,
Будзе ізноў
прысягаць
на распяцці святым
Толькі затым,
каб аднойчы
“даверліва”
здрадзіць, –
Толькі затым!

Божа мой правы!
Чаму так ужо павялося
З часу далёкага
і да апошняга дня,
Што з дзікім гойсаннем
вецер
брыдоту
разносіць,
А падпявае яму –
ашалелае ў дошку –
гайня?

Злітуйся, Божа!
Не дай закарэць нашым сэрцам –
Вымалі іх,
ад халоднай зімы
уратуй,
Засцеражы ад згрызоты –
сканаць ў паняверцы, –
Божа, пачуй!………………………………………………………..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзеці пустыні - Валеры Максімовіч