Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сны пра Беларусь

Ніхто не скажа, дзе днявуюць сны,
Куды яны над ранкам адлятаюць,
У цёплы край, ці ў ледзяную замець,
У заўтра, ці ў краіну даўніны.

І што на крылах прынясуць адтуль:
Надзею, радасць, пацалунак, гора,
Ці то шаленства і трызненне Гойі –
Прадбачанне, бязглуздае пакуль.

Якія іх чакаюць караблі,
І чым пасля яны напоўняць ветразь-
Ці Стывенсану казкаю пра верас,
Ці андалузскай спёкай – для Далі,

Ці мне знянацку – водарам сасны?
З якіх лясоў маўклівых і далёкіх,
З якіх азёр, празрыстых і глыбокіх
Пра Беларусь ляцяць у сэрца сны?

Ajsa, 15.08.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сны пра Беларусь - Святлана Куль