Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сляды

– Каго гэта ўчора страчала? Пад вечар да рэчкі ішла? – Страчала вясну, – адказала. – Хіба яна ў ботах была? Прыкмеціў – пакінулі боты На сцежцы пясчанай сляды. – Ах, вунь што! – ўсміхаецца. – Што ты? У ботах ішла я туды. У дзедавых ботах ішла я Да рэчкі на бераг круты. А туфелька, бачыш, малая. Цяпер супакоіўся ты? – Кінь жарты, гульню гэту ў жмуркі! Прыкмеціў жа я пад вярбой… – А што ты прыкмеціў? – Акуркі! Вясна там курыла з табой? Махнула рукой: – Бесталковы! – Мне ў вочы зірнула яна. – Акуркі таго рыбалова, Што з вудай сядзеў дацямна… Гляджу ў яе шчырыя вочы: Нібыта не хлусяць яны, Ды толькі цяпер ужо крочу З ёй разам на стрэчу вясны, Каб зноў не сказала: “Ішла я У дзедавых ботах туды…” Мы разам з табой, дарагая, Пакінем ля рэчкі сляды. Хоць веру я ў шчырае слова, Што стрэла адна там зару, – А ўсё ж за таго рыбалова Я сам пад вярбою куру.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сляды - Антон Бялевіч