Верш Рэквіем па кожным чацвёртым
У часе мінулай вайны загінуў
кожны чацвёрты беларус.
З дакумента
Ой, хацела мяне маці
За чацвёртага аддаці…
3 народнай песні
Уступ
Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той,
дзе кожнай другой няма сасны
ці сама меней – чацвёртай?
Тое ж было і з народам маім.
Сякера ваеннай навалы
прайшлася бязлітасна па ім,
і – прагалы, прагалы.
Яны і сёння не зараслі,
свіцяцца прасторай мёртвай…
Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той?
Частка Першая
Зямля мая бой прымала
ад стара і да мала,
ад стогадовага Талаша
да Казея – малыша.
і падаў, распасцёрты,
кожны чацвёрты.
Часта згаралі знічкі тады.
Быў небасхіл чорны.
А на зямлі стылі сляды –
кожны чацвёрты.
Мір асвятліў нас сваім святлом.
Грымелі ўрачыста акорды.
Толькі не быў за святочным сталом
кожны чацвёрты.
Доўга не трацілі ўдовы надзей,
доўга чакалі маці дзяцей.
Не верылі ўсё, што мёртвы
кожны чацвёрты.
Помнім мы болі і страты свае,
памяць шуміць, як чароты.
0, як нам вас не стае, –
кожны чацвёрты!
Частка Другая
Кожны чацвёрты быў мёртвы
Мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны,
скалечаны і знявечаны.
Кожны другі на целе
меў раны, апёкі ці шрамы.
і ўсе мы, усе мы мелі
на душы сваёй раны.
Зеўралі ямы, траншэі,
зеўралі печы ў друзе –
ранай адной страшэннай
на целе маёй Беларусі.
Частка Трэцяя
Лічым: чацвёрты кожны.
А можа, кожны трэці?
Голадам падкошаныя,
паміралі дзеці.
Яшчэ мы не ўлічылі
тых, што лячылі раны,
раны не залячылі,
рана паміралі.
Колькі прапала без вестак,
без пахаванняў, памінак!
А колькі потым дзетак
узарвалася на мінах!
Лічым: кожны чацвёрты.
А той рахунак прыблізны,
а той рахунак няцвёрды,
а ўрок яшчэ больш вялізны.
Эпілог
Урок спражэння
Не забываецца той урок,
не зарастаюць прагалы…
“Дзеці,
вы вывучылі урок?
Дзеці,
вы праспрагалі?
Я іду,
ты ідзеш,
а ён не ідзе –
ён мёртвы.
Я пяю,
ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты.
Мы ідзём,
ідзяце вы,
грунт пад нагамі цвёрды.
Яны не ходзяць –
не жывы
кожны чацвёрты.
Любім мы,
любіце вы.
Колькі дзятвы,
травы,
сінявы! –
Хоць сэрца насцеж разгортвай.
А каб яшчэ ды быў жывы
кожны чацвёрты!