Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Дарога, вір і амфара

– Дарога – прыстасаваная для хадзьбы і язды
паласа зямлі, з разметкай і ўказальнымі знакамі,
куды можна рухацца, а куды – не.
– Дарога – гэта частка сушы, абмежаваная адхонамі.
– Дарога – гэта заасфальтаваная частка сушы.

І калі той, хто цікавіўся “што такое ў вашым
разуменьні дарога?” – і нешта растлумачыў,
на тварах апытаных зьявіліся ўсьмешкі.

– Вір – гэта кругавы, лейкападобны рух вады.
– Вір – гэта дзе завіхрэньні.
– Вір – гэта глыбокае месца ў рацэ…

І пачуўшы чарговае тлумачэньне, яны пачалі
сьмяяцца адзін з аднаго, зьлёгку пакручваючы
ўказальнымі пальцамі ля скроні, ледзь вымаўляючы
ад сьмеху: “Завіхрэньні”, “Рух вады”,
“Глыбокае месца”…

– Амфара – гэта зьмесьціва для стравы.
– Амфара – гэта пасудзіна для захоўваньня
вадкасьцей.
– Амфара – гэта вялікая, высокая пасудзіна
з дзьвюма ручкамі і вузкім горлам…

І яны знаў сьмяяліся ад душы, як малыя дзеці.

А я, спазьніўшыся, засяроджана рыхтаваў
адказы на пытаньні тэсту, чуў іхні рогат
і не разумеў прычыны.

– А зараз, – умяшаўся ініцыятар тэсту, –
яшчэ пацешымся, – і пачаў чытаць мае адказы:
– Дарога – родная сястра сустрэч
і мачаха расстаньняў.
– Вір – гэта апошняе прыстанішча
рэшткаў мінулага.
– Амфара – хавальніца ўсіх ісьцін на
зямлі, бо, як казалі старажытныя грэкі:
“Ісьціна ў віне!”

Ніхто чамусьці не сьмяяўся.
Моўчкі і задуменна яны пачалі разыходзіцца
па сваіх справах…
А я, разгублены, яшчэ не ведаў, што:
Дарога – гэта Жыцьцё,
Вір – Памяць,
Амфара – Каханьне.
16.04.1990

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дарога, вір і амфара - Сяргей Амяльчук