Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш За лесам

Бяжыць дарога за шумлівы лес,
Душа за ёй узбуджана імкнецца.
Прыпамінаецца юнацтва, бэз
I стук-біццё ўстрывожанага сэрца.

Прайшла ў танюсенькай сукенцы,
А я глядзеў з веранды праз акенца,
А я хацеў, як матылёк, ляцець
I над табою радасна трымцець,
Ды з думкамі няўклюдна-кволымі
Згаралі мае мары ў бэза полымі.

Бяжыць дарога за шумлівы лес…
За лесам тым жывеш ты, пастарэла,
Пакорную задумлівасць
Вачэй разрэз
Другому выпраменьвае збалела.

Бяжыць дарога за шумлівы лес…
А там мужчына п’яны на падворку,
Каб сына, што на яблыню залез,
Адлупцаваць, шукае ўз’юшана аборку.

Бяжыць дарога за шумлівы лес,
Душа згарае ва ўспамінах…
З веранды, ля якой буяе бэз,
Юнак глядзіць нясмела на дзяўчыну.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш За лесам - Янусь Малец