Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рэквіем

Душа зайшлася ад чужога гора,
З пакутамі яе не разлучыць:
Пад стромкай столлю Домскага сабора
Усхвалявана “Рэквіем” гучыць.

Пачуцці ўсе змяшаліся дашчэнту,
I пацягнула холадам ад пліт,
Калі, як шторм, кацілася крэшчэнда
I замірала, ўзняўшыся ў зеніт.

Адчай з жалобай нечуванай моцы
Жыццё і смерць паставілі на кон,
I ў кожным гуку ажывае Моцарт,
Бязлітасна асуджаны на скон.

Не моліць ён адвечнага спакою
Сваёй душы мяцежнай і касцям,
А прагна схаладнелаю рукою
Трымае ключ ад вечнага жыцця.

Ён ад трывог, натхнення і пяшчоты
Перагарэў, ачах і саслабеў
I зразумеў ужо ў разгар работы,
Што “Рэквіем” стварае сам сабе.

Грыміць і слоў і музыкі навала
I працінае сэрца, як страла,
Ды смерць жыццё раптоўна абарвала,
Бо “Рэквіем” даслухаць не магла.

Гусінае пяро з рукі упала…
Непадуладна толькі пачуццё,
Што не жалобай, а трывогай стала
За вечнае натхнёнае жыццё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Рэквіем - Сяргей Грахоўскі