Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Я зноў прайшоў па партызанскіх сцежках

Я зноў прайшоў па партызанскіх сцежках
Ды тут ужо не сцежкі, а шляхі!
Па радасць светлую, па ўсмешкі,
Што дарыць сонца з-пад сваёй страхі.

А нам страхою – сосны ды яліны,
I печка з бляхі сагравала нас.
А ў час блакад за сала-журавіны
Ды сыраежкі, што нам бор прыпас.

I вось цяпер хачу я аглядзецца,
Зірнуць на Зыславе дубам у твар.
Стаяць яны,
У неба адчыняюць дзверцы,
Каб рос і цешыўся лясны гушчар.

I мне здаецца, што дубы спрадвеку
Стаяць у лесе, быццам пастухі,
I пасвяць бор для нас, для чалавека,
Бароняць радасць сосен ды альхі.

Спыняюся пад дубам тым разгатым,
На ім вайны ўжо зараслі рубцы.
Спяць вечным сном каля яго салдаты,
Маёй Радзімы слаўныя байцы.

I я здымаю шапку перад дубам,
Прад сведкаю маўклівай грозных дзён.
Дзень добры, волат дарагі і любы,
Заступнік і бярозак і сасён.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я зноў прайшоў па партызанскіх сцежках - Анатоль Астрэйка