Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш …Ты нібы зноў купаешся ў рацэ

Нервова ў сне уздрыгвае стыхія.
Вартуе месяц зорак чараду.
Спакойны плаў, а берагі крутыя.
I п’е зара глыбокую ваду.

Расце трава пад буйнаю расою,
Тэмпература яснасці у руж.
Я захлынуся дзіўнай цішынёю
Бліз вёсачкі, што грэе сорак душ.

Лясоў і рэк высокая свабода,
Мне не з пляча з табою быць на “ты”.
Спакон вякоў натуршчыца-прырода
Баялася людское слепаты.

О колькі пад нагамі красак стлела!
О колькі незаўважана цвіце!
Душа, ты, як ад болю, прасвятлела,
Ты нібы зноў купаешся ў рацэ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш …Ты нібы зноў купаешся ў рацэ - Яўгенія Янішчыц