Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чорная скіба

З-пад плуга твайго – убачыш здалёк –
Па полі наўпрост, за сялібай,
Плыве і пакорна кладзецца набок
Чорная скіба.
Чорная скіба! Пара – дымком.
Як хлеб, які на жары быў,
Ляжыць пад воблакам-ручніком
Чорная скіба.
Яшчэ нават продак продка твайго
Варочаў яе і раскідваў,
Зведала безліч і cox, і плугоў
Чорная скіба.
Колькі паэтаў, будаўнікоў,
Вучоных (усіх не злічыў бы),
Як маці, карміла спакон вякоў
Чорная скіба.
Аснова асноў, без яе чалавек
Да зорак дайшоў бы хіба?
Таму і спяваю я песню табе,
Чорная скіба!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Чорная скіба - Кастусь Цвірка