Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Я так баялася гэтай сустрэчы

Я так баялася гэтай сустрэчы.
Я думала: яна ўспыхне маланкай з яснага неба
ці сцюжна агорне агромністай кропляй.
Я так баялася гэтай сустрэчы.
I вось – ты стаіш.
Такі непадобны, худы, высокі.
Гады асірацілі цябе:
асыпаўся, як лістападаўскі клён, твой чуб;
змяніў ты на бліскучы метал
сваю белазубую ўсмешку;
адклаліся тонкімі штрыхамі па тваім твары
перажытыя дні…
Я так баялася гэтай сустрэчы.
I вось – ты стаіш.
Знаёмы й чужы,
жаданы й непрыемны,
каханы й забыты…
Але – куды ты?
Няўжо не заўважыў мяне
на гэтым мітуслівым пероне?
Няўжо не рашыўся падысці?..
Скуль мне здагадацца, што бязлітасныя гады
змянілі й мяне да непазнавальнасці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я так баялася гэтай сустрэчы - Таццяна Цвірка