Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыцісну далонь да высокага грыфу гітары

Прыцісну далонь да высокага грыфу гітары,
усмешкай на твары адбітак здзіўлення сатру.
У кожнай сустрэчы ёсць памяці вечная старасць.
…Дванаццаць апосталаў – сцішаных дотыкам струн…

І зноў гэта поўня, і цені на скалах згусцелі.
Запыхаўся дух, як з далёкай дарогі вястун.
Няўжо не для нас пасцялілі мелодый пасцелю
дванаццаць апосталаў – сцішаных дотыкам струн…

А зоркавы табар раскінуўся ў небе і ў моры.
Прысядзем да поўні, што сёння падобна кастру.
Ты чуеш? Паслухай, пра Божае Царства гавораць
дванаццаць апосталаў – сцішаных дотыкам струн…

З кнігі “ПЛАЧ ПА АНЁЛУ” , Мн, “Логвінаў”, 2004

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прыцісну далонь да высокага грыфу гітары - Людміла Паўлікава-Хейдарава