Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З нашай біяграфіі

А няўжо было ўсё гэта з намі?
Даўнімі цяпер здаюцца снамі
лапці, хлеб з мякінай – гэта факт,
камсамол, калгасны ток, рабфак,
пяцігодак домны – ставім самі…

Мірнай працы мары не збыліся,
дзе і колькі нас палегла тысяч?
Снег, зямля ў крыві, трава ў крыві;
ад бамбёжак да атак – жыві,
сябруку акопнаму ўсміхніся!

Перамогі дым задужа горкі;
дым зямлянак і руін узгоркі,
горад паўставаў на мазалях,
прарастала коласам зямля,
творчай думкі ўзлёт – касмічнай зоркай.

Гэта ўсё было, бясспрэчна, з намі, –
аж на сэрцах сведчыцца рубцамі
і падзякі словам іншы раз;
так было… Мо будуць помніць нас
маладая песня, зерне й камень.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш З нашай біяграфіі - Аляксей Русецкi