Верш Дзяржаўнай думкаю жывеш
На жалезным скразняку Еўропы
твой не раз ляцеў і ліст, і попел.
На скразных шляхах, у даўняй даўнасці,
марыла пра цвёрды шчыт і меч,
трызніла ты вежамі дзяржаўнасці –
мець сваё імя
і сцяг свой мець.
Ha цара, на пана твой араты
браў касу, сахор
ці пісталет,
каб мужыцкай праўдаю жыла ты
з вольным словам,
хлебам на стале.
Помняць пра паўстанцаў тых адвагу
брук стары
і лес, дзе россып журавін…
Шмат прыйшло на змену, верных сцягу,
роднаму
па колеру крыві.
Ноч была кастрычніка ўспраменена
промнямі “Аўроры”,
выбліскам з гармат…
Беларусь, ты ўчула з вуснаў Леніна
поўнае сваё
сапраўднае імя.
Ты яго сцвярджала ўласнай працай,
ім рэспублік славіла Саюз;
партызанкай з ворагам змагацца
ты ішла за гонар
і зямлю сваю.
Абмінае
помныя з тых дзён мясціны
забыцця бур’ян і часу плуг;
не жалобны звон гучыць Хатыні –
мужнасці твае
і волі дух!
Дзе чужынцаў іржавелі каскі,
горкі попел ды палын сівеў –
гарады і сёлы,
каласы і краскі, –
ты дзяржаўнай думкаю жывеш.
Пра цябе цяпер далёка ўчулі,
слава ў свет ляціць на крылах кніг,
па зямлі ў машынным ходзіць гуле,
зоркамі блішчыць
сыноў тваіх.
I цябе ў час міжнародных спраў
сустракаюць за сталом дзяржаў.