Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лінія высокага напружання

На прасторах
Між вялікіх гарадоў,
Над зямлёй,
Спакойнай і натруджанай,
Іней асыпаецца
З калматых правадоў
Лініі высокага напружання.

А падпоры –
Як гіравікі:
Ні на хвілю
Зняць цяжар той
Нельга ім.
У гушчар жыцця
Не дні – вякі
Ленінскую
Несці ім энергію.

Быццам нежывыя
Правады,
А кранеш –
I ўмомант будзеш спалены…
Тым агнём і нашыя рады
Непрыкметна для чужынцаў
Спаяны.

Адчуваем мы сябе заўжды
Маракамі,
Нават касманаўтамі,
I зямля, як карабель,
I правады
Звіслі карабельнымі канатамі.

I святлей, святлей
Наш кожны дзень,
А ўжо рэкі новыя
Запруджаны.
I ад сэрца ў сэрца ў нас ідзе
Лінія высокага напружання.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Лінія высокага напружання - Пiмен Панчанка