Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Падбіты танк

Грозных танкаў сталёвыя жэрлы
Прапаролі шкляны небасхіл.
I вада яшчэ дробна дрыжэла,
I зямля ляжала без сіл.

Запяклася на ўскрайках варонак,
Як на вуснах, чорная кроў.
А на захадзе ў дыме чырвоным
Бой жалезным голасам роў.

Той часінаю з пушчы сіняй
Сцежкі родныя прывялі
Маладую жанчыну з сынам
На гарачы кавалак зямлі.

У знямозе на камень села,
Попел босыя ногі пёк,
На пажарышча доўга глядзела
I шаптала: “Сынок!.. сынок!..”

Ані хаты, ані павеці –
Голы комін ды цішыня…
А тым часам трывожны вецер
Хмары чорныя ў гурт зганяў.

I навісла цяжкая хмара,
Каб пад сінім агнём бліскавіц
Дружным залпам дажджу ударыць,
Мёртвы попел з руінаў змыць.

“Дзе знайсці прытулак для сына?
Дзе схаваць крывінку сваю?”
I убачыла раптам жанчына
Танк, паранены у баю.

Ён стаяў, велізарны, зялёны,
Каля чорнай абвугленай ліпы.
Шалупайкі жоўтых патронаў
Да падбітай лапы наліплі.

Але велічы ён не страціў,
Быў пагрозны ён і ў бядзе.
Узнялася сумная маці
I да танка з сынам ідзе.

Скрыпнуў танк ёй: “Залазь, я рады.
Гадам сцен маіх не прабіць…”
Дзе ляжалі радком снарады, –
Дзіцянё бесклапотна спіць.

Мог бы танк той жанчыне з пушчы
Расказаць, як чужынцаў біў,
Як фашысцкія косці трушчыў,
Як варожыя танкі давіў.

Ды не трэба… Яна заснула
Першым вольным, спакойным сном.
Сніла добрыя сны і не чула
Паядынку танка з дажджом.

Як, узняўшы сталёвыя біўні,
Ён, жартуючы, адбіваў
Залатыя атакі ліўняў
I маланак вогненны вал.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Падбіты танк - Пiмен Панчанка