Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Галасы – каласы пад сярпом Тваім, Божа

* * *

Памяці Зміцера Сідаровіча

Галасы – каласы пад сярпом Тваім, Божа.
Песня корміць, як хлеб.
І ў ліхія часы нават тым дапаможа,
хто знямеў ці аслеп.

Нават тым, хто не мае душэўнае цноты –
усвядоміць свой род.
А народ, што адно – за зямныя даброты,
ну які ён народ?

Галасы застаюцца, як душы зямныя,
што даюцца не ўсім
у дадатак да той, што памкнецца ў вышыні
праз сутонне і дым.

Кожны голас такі нашы лекуе сэрцы
ад знямогі і ран.
Кожны голас такі для жывых застаецца,
як зямны талісман.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Галасы – каласы пад сярпом Тваім, Божа - Мікола Кандратаў