Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У Залессі

З радзімаю маэстра
прывітаўся –
Руку падаў я дрэвам і кустам.
Калі пажар паўстання захлынаўся, –
Перада мной той сумны час паўстаў.

Развітваўся з радзімаю Агінскі.
Ў яго душы гарэў агмень такі,
Што бачны ўсім застаўся след агністы –
Шчымлівы паланэз на ўсе вякі.

Складаліся ў ружанец ноты
з зорак,
Камення, лісця, кропелек расы.
Прыслухацца, – чуваць у гэтым творы
Касіянераў мужных галасы…

Касцюшкі цені граюць прамяніста,*
Тут грэе і зімой зары касцёр…

Свабодалюб і патрыёт Агінскі
Развітваўся з радзімай,
Як з жыццём…

Ці ж мог тады і ў сне ён спадзявацца,
Што лепшай долі зможа прычакаць:
З чужых краёў, як з выраю, вяртацца
І зноў радзіму мілую вітаць…

*У Залессі ўстаноўлены помнік з надпісам: Ценям Касцюшкі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У Залессі - Станіслаў Валодзька