Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Галасы фрэсак

Мы – фрэскі на сцяне сабора.
Раздаўшы колеры вякам,
Глядзім з дапытлівым дакорам
У твары вам, у душы вам.
Мы – фрэскі, бачныя няярка
У дымным мроіве часоў.
I нашы выцвілыя фарбы,
I шэпат вашых галасоў
Яднае зараз прахалода
Ўрачыстых старадаўніх сцен.
Вы чуеце, нібыта зводдаль
Гук нараджаецца, расце?
To абудзілася званіца.
Званоў знямелых языкі
Спрабуюць сонна варушыцца
I ліжуць медныя бакі…
Мы – фрэскі на сцяне трывалай.
За векам перажыўшы век,
Нас мала вельмі выжывала
Ў тваіх абдымках, чалавек.
Нам не патрэбна пакланенне –
Хаця б жаданне зразумець.
I вочы новых пакаленняў
Жыццё прадкажуць нам ці Смерць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Галасы фрэсак - Ірына Багдановіч