Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рушанне

Ёсць у прыродзе час асенні – рушанне,
калі звяры вылазяць з нор сваіх,
вужыныя сцяжынкі ўзварушаны
хадой істот відушчых і сляпых.
Сівых лясоў трывожачы дрымоту,
пануры лось цярэбіць гушчары,
рыкаючы на клёнаў пазалоту,
на фарбы пераходнае пары.
Сыходзяцца ў далінах жалудовых
прапахлыя карэннем вепрукі,
а ніцавока-сцішаныя совы,
як вераснем узнятыя куркі…
Сляды апалым лісцем зацярушаны,
з палян сплывае парадзелы цень.
Жыве ў прыродзе час асенні – рушанне,
калі звініць струной шчымлівай дзень
над тым, што не збылося і збылося,
над халадком вачэй і журавін,
і зразумела-ясным словам в о с е н ь
плыве над галавой птушыны клін.
Яшчэ гаям гарэць да снегападу,
развітвацца лістоце з сінявой.
Суцішна на суровую нараду
сышліся дрэвы шчыльнаю сцяной…
Ёсць у прыродзе час асенні – рушанне,
калі жывое верыць у працяг.
А шар зямны ўсё кружыцца і кружыцца
і лісцем засцілае золкі шлях.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рушанне - Віктар Ярац