Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш У Вашым голасе квітнеюць астры

У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна…
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна –
Ці варты музыкі такой?
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Калі гучаць арфічна Вашы астры
Па-над пустой канцэртнай асакой.

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Не ведаю і ведаць не хачу.
Запамінаю голас Ваш прыязны:
Нібыта верш, запамінаю астры, –
Па-школьнаму, напамяць іх вучу.

Запамінаю голас Ваш прыязны…
Пакінь, пакінь, глыбокая струна,
Шум глыбіні і неспакой рамансны,
Каб у крыві маёй квітнелі астры…
Кроў – гэта ваза, што не мае дна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У Вашым голасе квітнеюць астры - Леанiд Дранько-Майсюк