Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АНАТОЛЯ СЫСА

(26.10.1959-4.05.2005)

І
…А для паэта, як і для паяца,
Віно-не вежа, у якой схавацца.
Віно-агонь, і на яго ляцім,
Каб узлятаць, аб хмары разбівацца
І плыць над светам, як цыгарны дым
У бары, дзе віно, нібыта вежа,
Куды хаваеш, як агонь, душу,
Што любіць снегу белае бязмежжа
І адзіноту чорную дажджу,
Што, як манах, прыходзіць і малітву
Табе зноў шэпча ля твайго вакна,
Што, нібы неба, што на крыж прыбіта,
Дзе сонца ўжо няма, нібы віна,
Нібы крыві, што шчэ цячы жадае
У гэтым свеце, дзе любоў, як сон,
Які, як толькі спіш, тады й бывае,
Калі ж няма віна, знікае й ён,
Як і жыццё, з якога не схавацца,
Як матылю ў агні, табе ў віне,
І сонца адыходзіць, каб з’яўляцца
У небе чыстым, быццам у вакне,
Дзе бачыць нам паэта і паяца
З тутэйшым крыжам на спіне…

ІІ

…Пад кашуляй белай, белай, вышыванай,
Цела пачарнелае, як тая ноч,
Што сышла апошняй з хаты непрыбранай,
У якой ты плакаў… Слёзы гостра з воч,
Быццам воск са свечак, да крыві сцякалі,
Да віна і сонца, больш якога ты
Не спазнаеш, бо анёлы прашапталі,–
Ты ўжо ў гэтым свеце, як Каўчэг, пусты,
І ляжыш ты адзінока ў дамавіне,
Нібы ў русле перасохлым і прамым,
У кашулі вышыванай, як Айчыне
Верш апошні, што табой яшчэ жывым
Быў прысвечаны, асвечаны крывёю,
Ды ніхто яго не прачытае тут,
Бо драўляныя нябёсы над табою,
Як крыло, якім закрыўся ад пакут
Ты цяпер, каб заўтра закапалі ў гліну
На Палессі, на тваёй святой зямлі,
Верш твой, што аднойчы прарасце рабінай
Сумнай, як мы ўсе, што тут з табой былі…

9-10.05.2005

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА АНАТОЛЯ СЫСА - Віктар Шніп