Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Маё крэда

Усё праходзіць, бы ўчарашні дым,
і што дарэмна сумаваць аб гэтым?
Душой бы мне застацца маладым
Звычайным незайздрослівым паэтам,
Бо кожны дзень жыцця – як Божы дар.
Што ў параўнанні – тытул ганаровы?
Каб праўнук мой сцяну ці каляндар
Размаляваў алоўкам каляровым,
Ці нехта слова добрае сказаў
І я каму ўсміхнуўся пры сустрэчы,
Бо кожная няхай і драбяза
Павінна быць і ў радасць, і дарэчы.
Быць чалавекам – толькі і ўсяго,
Глядзець на свет сумленнымі вачыма.
І хай адсохнуць рукі у таго,
Хто іх падняць пасмее на жанчыну.
Не зачарствець, не скіснуць, не астыць,
Не пакрывацца цвіллю год ад году.
Бо для чаго тады, скажыце, жыць,
Калі ў жыцці не бачыць асалоду?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Маё крэда - Мікола Пацяюк