Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Канвеер

Спроба верша спосабам “калаж”

“Назначаны ці абраны?..”
“Вучоныя ў пашчы кратэра…”
“Адбыўся кангрэс наркаманаў…”
“Забілі меліяратара…”
“Народ не бярэ ні грама…”
“Камп’ютэр – ахвяра логікі…”
“Пайшло не жыццё, а крама:
Чарга і ў загс, і на могілкі…”
Стаю і з ветрам на пару
Перажоўваю тумбу з афішамі,
Смакую навіны…
“Каспараў
Абышоў у прэтэнзіях Фішара…”
“Бабруйск – беларускі Гановер,
Ды толькі фартуна не бліснула…”
“Збіраўся ўзарваць Кагановіч
Сабор Васіля Дабраіснага…”
Размаху было аж замнога:
“Байкальская, магістральная”, –
Што ні лозунг – веку дарога,
Што ні грудзі – плошча астральная:
Не падняць аберуч мундзіра…
“Мерзлаты застойныя праледні…”
“Можа, праўду шукаць у Сібіры,
Дзе шукаў ледзь не кожны праведнік?..”
“Пашукайце, што побач страчана, –
Ці не лепей паехаць у Лепель?..”
“Перадаць ці прадаць нашу спадчыну?..”
Гвалт народжаных у кураслепе…
“Лішні клас для роднае мовы…”
I “з народа” вокліч нязгоды:
“Нам было і таго дастаткова…”
“О народ, не дастойны свабоды” –
Гэта кліча тэатр на прэм’еру…
А ў канцы паласы – як падскрэбышы:
Жыццяпіс Дэбюсі, і Дэбіша
Верш да славы грукае ў дзверы…
Шар зямны да вачэй абклеены:
У навінах – як дошка аб’яў.
Словы, словы – нібы з канвеера…
А навокал – вецер гуляў…
Вецер шумеў,
Бо гаварыць не ўмеў…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Канвеер - Васіль Зуёнак