Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш КАЛіСЬ

Прыгнаўшы ўвечары каровы,
Адразу падаў, засынаў.
Была вячэра ўжо гатова –
Вячэраць бацька падымаў.

Я шкрабаў лыжкай дзе папала –
Вачэй раскрыць ніяк не мог,
Трымацца сілы не ставала,
і хутка зноў валіўся з ног.

А ноч, як бачыш, пралятала,
і бацька пасвіў ўжо каня.
Світанне матка сустракала –
Хапала працы ёй штодня.

– Устань, сынок, ужо світае.
Анучкі новыя знайшла.
Устань, кароўка ўжо рыкае.
Табе яешню я спякла.

Ішла даіць карову маці –
Зноў падаў і адразу спаў.
А цішыня звінела ў хаце,
Яешня стыла – не чапаў.

Вярталася матуля ў хату.
– Чаму ж ты спіш дасюль, сынок?-
Збіраўся хутка, вінавата
і бег на свежы халадок.

Грымела ў срэбры наваколле
Суладным мноствам галасоў.
З кужэльнай кайстрачкай у поле
Штодзень за статкам я ішоў.

І рэдка меў такое свята,
Што мог уволю я паспаць.
З тых дат сплыло вады багата,
Ды як такое забываць.
1976

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш КАЛіСЬ - Васіль Голуб