Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні

Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні,
цябе я вітаю з-за крат…
Успомні, дзяўчына, вясну, і каханне,
і сцежкі, і жыта, і сад…

Успомні, як ночы плылі і міналі
пад звонкую трэль салаўя.
Успомні, дзяўчына: тады прысягалі,
што буду я твой, ты – мая.

Хай кінула доля турму, як завалу,
зваліла на сцежак прасцяг,
вер: іскра кахання, што ў сэрца запала,
не згасне ў астрожных мурах.

Калі не загіну ў няроўным змаганні,
на волю зноў выйду з-за крат.
Запомні, дзяўчына, вясну, і каханне,
і сцежкі, і жыта, і сад…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні - Валянцін Таўлай