Верш Пра Арла
П Р А А Р Л А
Арол быў вольнай птушкай неба,
Была да хмар яму патрэба,
Але-ж аднойчы з вольных гор
Спусьціўся ён на чыйсьці двор.
І трэба-ж здарыцца такому:
Калі зьбіраўся птах дадому,
Сівая Курыца Арла
На службу нейкую ўзяла!..
Набыў ён дах, хваліў ён долю,
Забыў пра горы, ды пра волю,
Хадзіў павольна па двары,
Тупіў тугія кіпцюры…
Што з дзюбай стала – сам не знае:
Не б’е, не рве, а так глынае,
І не здабыча каля ног,
А жыта, проса, хлеб, гарох…
Не трэба птушцы ў межах даху
Ні тых вачэй, ні крыл размаху,
Ні хмар, дзе гойдаюць вятры,
Адно служы сабе ў двары!..
Зьмяніўся выгляд птушкі горнай:
На галаве круглявай чорнай
Пазначыў грэбень хуткі рост,
А ззаду ўверх прыўзьняўся хвост.
Няма ад зьмен ніякіх лекаў!
Нарэшце птах… закукарэкаў,
І пасьля ежы ды забаў,
Удзячнасьць Курыцы прыдбаў.
Арол стаў Пеўнем. Так бывае,
Калі сябе хтось прыжывае
На тым двары, дзе губіць твар,
Дзе сам сабе – не гаспадар.
А мне, чым Пеўнікам рабіцца,
Дык лепш аб кручы гор разьбіцца,
Дзе ўсім чужы курыны к р ы к,
Дзе пахне воляй кожны п і к!
Эстонія. Йыхві. 2008 год.
З зборніка вершаў “Па-над Фінскай затокай”.