Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як старанна люстэрка не тры

Як старанна люстэрка не тры,
Як не лайся на пыл і на жонку,
Але кім сябе бачыш знутры,
Тым, на жаль, не з’яўляешся звонку.

І не стома – прычына таму,
І не крэмаў благіх ужыванне.
Проста ты ўласны твар акунуў
У сапраўднае адлюстраванне.

Ухапіўшы ўсе рысы твае,
Бы праводзячы дбайную зверку,
Без ілжывасці перадае
Непадкупнае фота – люстэрка.

Там не ўбачыш душы маладосць –
Толькі твар… і мяшкі… і маршчыны.
Сівізны ўжо прыпыленасць ёсць…
Але што – сівізна для мужчыны?

І на твары не толькі гады,
Што праз пальцы пяском праляцелі,
Але й моцных пачуццяў лады,
І нястрыманых думак фартэлі,

І пяшчотнай усмешкі святло,
І рамантыкі подых вясновы,
І натхнёнага духа чало…
Дык нашто тыя з выглядам змовы?

Кінь люстэрка! Хай гарам гарыць!
Ну навошта ўглядацца вачыма,
Калі ўсё, што нязменна – ўнутры,
А што звонку – праносіцца міма?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Як старанна люстэрка не тры - Таццяна Дзям'янава