Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сцішэлі водгукі вайны

Сцішэлі водгукі вайны.
Зжаўцелі фота – у альбомах.
А маці тыя ж бачыць сны –
Як сын вяртаецца дадому.

Вось там, далёка, між палёў…
Хто гэта там сцяжынкай крочыць?
Сыночак! Родненькі! Дамоў!
Нарэшце, ён! Не маняць вочы!

Хаця ў іх ява – туманом,
Яны ўглядаюцца ў прастору…
А як чакала! Дзень за днём!
А колькі слёз праліла – мора!

Усё глядзела ўскрай сяла,
Не зачыняла нават дзверы.
Чаканнем толькі і жыла,
Ды успамінамі, ды верай.

Любоў да сына праз гады,
Нібы паходню, ціха несла.
Яно – у сэрцы назаўжды,
І там яму не будзе цесна.

Няўжо пачуў малітвы Бог,
Пашкадаваў: “Матуля, годзе!”?
Няўжо жывы яе сынок,
Нібыта ў цемру не сыходзіў?!

Душа ірвецца ўжо ляцець
І ледзь трымаецца за цела.
Хутчэй да сыначкі – сустрэць!
Ды ногі квёлыя здранцвелі…

Яна крычыць: “Сыночак мой!”
Хусцінку сцягвае на плечы.
Змятае сон. А перад ёй –
Ізноў… тужлівая пустэча…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сцішэлі водгукі вайны - Таццяна Дзям'янава