Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш О, птушкі

О, птушкі! Ціўкаюць, звіняць,
Шапочуць, каркаюць, шчабечуць…
Яны не могуць не спяваць,
Не перагуквацца аб нечым.

У тым – прырода іх і лёс,
Патрэба іх і асалода –
Заводзіць спевы да нябёс –
Штодня, не гледзячы на моду.

І песень тых не параўнаць,
Як не злічыць іх шматгалоссе –
Усім на свеце дагадзяць,
Бо ўсе майстэрскі сола ўзносяць.

Рулады, трэлі, перасвіст,
Каленцы, ўздохі, пераборы…
І кожны – творца і артыст.
Ці скажаш, лепей з іх каторы?

Вось так і я. Хоць як паэт,
Бадай, каштоўнасці не маю,
Нястомна вершы ў белы свет,
Бы песні птушка, уздымаю.

Няхай ляцяць, куды падзьме,
Ў чыю душу пагоніць ветрык,
Каб сэрца шчырае мае
Спявала-дыхала ў паветры.

Мо і занадта просты спеў
І дзе-нідзе не тыя словы…
Ды свет бы радасці не меў,
Каб не птушыныя размовы.

15.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш О, птушкі - Таццяна Дзям'янава